logo
SKD_Metodicheskoe_posobie_dlya_FZO

Глава 10

КАДРАВАЕ І ФІНАНСАВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

Артыкул 47. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры

1. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры ажыццяўляюцца ва ўстановах адукацыі, іншых арганізацыях у адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, сродкаў фізічных і юрыдычных асоб.

3. Парадак падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў культуры, прысваення ім кваліфікацыйных катэгорый вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 48. Атэстацыя работнікаў культуры

1. Работнікі культуры, акрамя дзеячаў культуры і мастацтва, падлягаюць атэстацыі не радзей чым адзін раз у пяць гадоў, калі заканадаўчымі актамі не ўстаноўлены іншы тэрмін.

2. Парадак правядзення атэстацыі работнікаў культуры, а таксама кола асоб, якія не падлягаюць атэстацыі, вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 49. Фінансаванне культурнай дзейнасці

1. Асновай дзяржаўных гарантый захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры з’яўляецца фінансаванне з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

2. Выключаны.

3. Фінансаванне дзейнасці дзяржаўных устаноў культуры, дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры, дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, – культурных мерапрыемстваў і культурных праектаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

4. Выключаны.

5. Дадатковымі крыніцамі фінансавання дзейнасці ўстаноў культуры з’яўляюцца:

5.1. даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ажыццяўленне такой дзейнасці прадугледжана статутам установы культуры і заканадаўствам;

5.2. крэдыты банкаў;

5.3. добраахвотныя ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб;

5.4. іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўчымі актамі.

6. Юрыдычныя і фізічныя асобы маюць права ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам ствараць фонды для фінансавання культурнай дзейнасці.